\"Могилевская Хоругвь\"

Форум клуба клуба исторической реконструкции
Текущее время: 20-04, 16:54

Часовой пояс: UTC + 3 часа




Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 
Автор Сообщение
СообщениеДобавлено: 15-04, 21:42 
Не в сети
Аватара пользователя

Зарегистрирован: 10-04, 01:51
Сообщения: 135
Откуда: Могілевъ
Усціновіч Юры.
Абавязкі феадалаў ВКЛ на карысць дзяржаўных умацаванняў.
Артыкул надрукаваны ў часопісе “Веснік Магілёўскага універсітэта”, 2008 г.

У ВКЛ свецкія і духоўныя феадалы каталіцкага веравызнання, а потым, і праваслаўныя паступова дабіваліся ад гаспадароў пашырэння сваіх правоў. У рэшце, у другой палове ХVІ ст., шляхецкае саслоў’е было ў стане аказваць ўплыў на ход унутраных і знешнепалітычных рашэнняў цэнтральнай улады. Валодаючы шматлікімі правамі і вольнасцямі, землеўладальнікі мелі не шмат абавязкаў перад дзяржавай. Адзін з такіх абавязкаў – выкананне павіннасцяў і службаў на карысць дзяржаўных умацаванняў з трымаемых уладанняў. У дадзеным артыкуле прапануецца разгледзіць менавіта гэты момант узаемаадносінаў цэнтральнай улады і землеўладальнікаў у ВКЛ.
У ВКЛ сістэма ўтрымання замкаў дзяржавы грунтавалася на тым, што асноўны цяжар па падтрыманні іх баяздольнасці несла мясцовае насельніцтва, у тым ліку і падданыя феадалаў. Гэты прынцып добра прасочваецца па рэвізіям замкаў [1, с.1-11; 2, с. 103-110, 130-156, ].
Патрабаванні да феадалаў удзельнічаць ва ўтрыманні замкаў дзяржавы, іх вакольнай інфраструктуры змяшчаюцца ў гаспадарскіх прывілеях з канца ХІV ст. [3, с. 101-102,116,126]. За шляхецкімі землямі пакідаліся абавязкі рамантаваць і адбудоўваць ўмацаванні і вядучыя да іх дарогі і масты. За імі замацоўваліся і менш значныя абавязкі. Так, у 1528 г. гаспадар падцвердзіў, што феадалы Мазырскай воласці акрамя работы замкавай павінны даваць на Мазырскі замак жыта і ўносіць грашовыя сумы [4, с. 206-208].
Вызваленне ад будаўнічых работ на замках дзяржавы мелі нешматлікія ўладары вотчын. Вотчыны, гэта землі, якія не з’яўляліся наданнем гаспадара, іх трымальнікі спрадвеку валодалі імі. Пры Казіміры адбылося зліццё прававога становішчы вячыстых выслуг часоў Вітаўта і Жыгімонта Кейстутавіча з вотчынамі [5, с. 606,609,619]. Таксама вызваленнем карысталіся феадалы, якія мелі асабістыя прывілеі на вольнасць ад будаўнічых работ, але такія льготы надаваліся рэдка.
Такім чынам, большасць феадалаў мусіла адпраўляць падданых на будаўнічыя работы. Загадваючы дзяржаўцу Браслаўскай воласці, гаспадар адзначаў “…потданымъ нашим люди поотдавали, а работы городовое и мостовое никому есмо не отпускали, а так, ажбы еси и городъ, и мосты всими людми – как н(а)шими, так и подданых наших – робил…” [6, р. 121]. У 1577 г. гаспадар указваў магілёўскім баярам, каб яны будавалі замак разам з мяшчанамі [7, с. 207].
Такім чынам, ад замкава-гарадавых работ, узвядзення мастоў, паправы дарог шляхта вызвалялася рэдка. Але адмены менш значных абавязкаў на замкі яна дабівалася часта і нават ў масавым парадку. Так, у 1501 г. уладанні феадалаў ўсёй Валынскай зямлі вызваляліся ад працы на замкавых пашах і кашэння сена на замак [7, с. 28].
Калі працэс раздачы зямель шляхце значна пашырыўся і замкі дзяржавы сталі адчуваць недахоп у выкананні пэўных павіннасцяў і службаў, гаспадары сталі абавязваць уласнікаў новападораных маёнткаў несці не толькі замкава-гарадавую, маставую, дарожную павіннасці, але больш шырокае кола абавязкаў. Так, калі гаспадар надаў у 1551 г. Войне Эпімаху сяло Далажэцкае, то абавязаў даваць з яго на Полацкі замак мёд і плаціць баброўшчыну [8, c. 179].
Прывілей Ягайлы 1387 г. вызваляў уладанні каталіцкага касцёла ад нясення ўсялякіх павіннасцяў. Пасля Фларэнційскай уніі, паводле М. К. Любаўскага, такія правы былі пашыраныя і на праваслаўную царкву. Калі ж ўзрасла напружанасць барацьбы з татарамі і Масквой, практыка надання такіх імунітэтаў спынілася. Не парушаючы правоў старых каталіцкіх і праваслаўных уладанняў, гаспадары больш не пашыралі іх на новыя зямельныя набыткі. Статут 1529 г. вызначаў норму, што з запісаных на царкву ці касцёл свецкіх уладанняў павінна працягвацца выкананне абавязкаў [9, с. 137].
Феадалы спрабавалі дабіцца вызвалення ад будаўнічых абавязкаў на замкі дзяржавы. Такую прапанову яны агучылі на сойме ў 1551 г. Гаспадар указаў, каб да яго больш не звярталіся з такой просьбай [10, с. 168, 173]. Але і пасля 1551 г. феадалы не пакідалі сваіх спробаў. На сойме 1569 г. гаспадар мусіў ізноў адказаць адмовай на просьбу вызваліць шляхту ад замкава-гарадавой і маставой павіннасцяў [10, с. 526].
Карыстаючыся слабасцю цэнтральнай улады ў ВКЛ феадалы прызвычаіліся недысцыплінавана ставіцца да сваіх абавязкаў. У 1499 г. гаспадарскія людзі Свіслацскай воласці скардзіліся на падданых баяр Катовічаў, якія не выконвалі сумесна гарадавой павіннасці, не ўзводзілі мастоў, не косілі сена на замак, не адвозілі да яго правіянт і інш. Па разгляду справы гаспадар падцвердзіў абавязак падданых Катовічаў выконваць пазначаныя абавязкі з усёй воласцю [11, с. 727-729; 4, с. 86-87]. Але гэты вырак не аказаў значнага ўздзеяння на Катовічаў. Праз пэўны час, у 1528 г., Свіслацская воласць ізноў скардзілася на Катовічаў і князёў Вішнявецкіх. Іх падданыя адмаўляліся будаваць замкі ў Свіслачы, Кіеве і інш. Катовічы і Вішнявецкія апраўдваліся, што маюць на гэта прывілеі. Але высветлілася, што іх уладанні вызваленыя толькі ад выплат свіслацскім намеснікам, кашэння сена і некаторых іншых павіннасцяў на гаспадара. Падданыя гэтых феадалаў ізноў абавязваліся выконваць з усёй воласцю будаўнічую павіннасць. За тое, што раней яны гэта не рабілі, мусілі выплаціць людзям свіслацскім кампенсацыю [12, р. 63].
Рэвізіі замкаў, праведзеныя ў маштабах усёй дзяржавы ў 1545 г. [13, с. 44] паказалі масавае занятбанне шляхтай абавязкаў па ўтрыманню замкаў дзяржавы. Да нашых часоў захаваліся рэвізіі паўднёвых замкаў. Яны выявілі катастрафічны стан умацаванняў і вакольнай інфраструктуры. Запасы харчавання і боепрыпасаў былі мізэрнымі, або адсутнічалі. Амаль ўся артылерыя была сапсаваная [14, с. 514-515].
Вінаватымі часткова аказаліся ўраднікі, якія занядбалі абавязкі і прыбралі да рук даходы, што мусілі накіроўваць на карысць замкаў. Яны ўвайшлі ў змову з феадаламі і ігнаравалі, што з прыватных уладанняў спынілася выкананне абавязкаў на замкі [14, с. 515].
Але галоўнай прычынай заняпаду сталі злоўжыванні мясцовых феадалаў, асабліва магнатаў, якія пасля росту сваёй палітычнай вагі ў рэгіёнах не баяліся пакаранняў ад намеснікаў-дзяржаўцаў і спынілі выкананне павіннасцяў з сваіх уладанняў. Астатняя шляхта, маючы за прыклад паводзіны арыстакратыі, таксама стала ўнікаць выканання абавязкаў. Прывілеі на валоданні знаходзіліся на руках у шляхты і намеснікі-дзяржаўцы дакладна не ведалі, на якіх правах феадалы трымаюць землі. Рэвізоры не здолелі дабіцца прад’яўлення гэтых прывілеяў. Шляхта пагаджалася іх прадставіць толькі на вальным сойме. [14, с. 515-516].
Яшчэ прыкладам масавага ўхілення феадалаў ад будаўнічых работ стала адбудова замка ў Браслаўлі ў 1552 г. [15, s. 124–127]. Дайшло да таго, што гаспадар, каб здабыць сродкі на будоўлю, загадаў ураднікам рабаваць маёнткі феадалаў, якія не выпраўлялі сваіх сялян на ўзвядзенне замка [16, s. 69–70].
Адзначым, што ў адбыванні феадаламі ўсходніх зямель будаўнічай павіннасці можна заўважыць большую дысцыплінаванасць. Полацкая рэвізія паказвае, што мясцовае баярства адказна ставілася да падтрымання ўмацаванняў у Полацку [1,с. 1-11]. Полацкія баяры неаднаразова выконвалі па просьбах гаспадароў будаўнічыя работы ў большых аб’ёмах, чым былі абавязаныя. Так, з прычыны, што з канца ХV ст. да Масквы адыйшла пэўная частка полацкіх зямель, іх насельніцтва больш не несла на Полацкі замак будаўнічых абавязкаў. Таму полацкія феадалы адгукнуліся на просьбу Жыгімонта І і ўзялі ўзвядзенне так званых намётных гародняў на сябе. На сойме 1559 г. ужо Жыгімонт ІІ звярнуўся да полацкіх баяраў з падобнай просьбай. [10, с. 290; 13, с. 105].
Таксама, феадалы Віцебскага ваяводства дабравольна ўдзельнічалі ў 1530 г. ва ўзвядзенні 33 новых гародняў і ў забеспячэнні вартавання гарадскіх варот [17, с. 15; 9, с. 90]. А пры Баторыі яны па сваёй ініцыятыве дамовіліся ўзмацніць умацаванні, якія заняпалі за час Інфлянцкай вайны [13, с. 198-199].
Больш адказныя адносіны феадалаў Падзвіння да будаўнічай павіннасці звязаныя з тым, што тут, ў адрозненні ад многіх іншых зямель ВКЛ не склалася буйнога землеўладання. Таму баяры Полаччыны і самі не маглі дазволіць сабе свавольства арыстакратаў, і не мелі прыкладу для пераймання.
Полацкія і віцебскія ваяводы, відаць, больш пільна сачылі за умацаваннямі і за тым, каб не раздаваліся належачыя замкам уладанні. Сустракаюцца сведчанні, што полацкія ваяводы не пагаджаліся часам з наданнем зямель асобным феадалам, бо гэта шкодзіла ўтрыманню замка. У 1514 г. полацкі ваявода звяртаўся да гаспадара, каб адмяніць гаспадарскае наданне Васілю Сапегу, а падараваных яму людзей і землі вярнуць пад уладу замка [18, р. 278].
У 1517 г. да гаспадара звярнуўся князь Багдан Адзінцэвіч з нагоды, што былы ваявода Станіслаў Глябовіч адмяніў падараванне гаспадара, чатыры службы людзей Астраўлян, бо яны давалі даніну на манастыр. У адмену Станяслаў Глябовіч надаў яму іншыя пяць службаў. Але і яны не засталіся за князем, бо высветлілася, што спыненне выканання з іх абавязкаў шкодзіць Полацкаму замку. Ваявода вярнуў службы пад сваю ўладу, але адмены не даў, бо памёр [18, р. 331].
Калі гаспадар надаў князям Сакалінскім путных людзей Непаротаўскай воласці, то ў хуткім часе Станіслаў Глябовіч іх зноў вярнуў пад уладу замка, бо гэтыя людзі пражываючы на мяжы мелі важнае значэнне ў адбыванні старожы і здзяйсненні разведвальных аперацый [6, р. 249].
Падчас Інфлянцкай вайны стаўленне шляхты асобных зямель ВКЛ да наяўнасці ў рэгіёне моцнага замка змяняецца. Нават у аддаленых ад вайсковых дзеянняў абласцях мясцовыя феадалы пачынаюць звяртаць увагу гаспадара на неабходнасць падтрымання баяздольнасці замкаў дзяржавы, напрыклад у Наваградку і Менску [10, с. 501, 502]. А шляхта Упіцкага павету прасіла гаспадара аб пабудове замка там, дзе яго раней не было [10, с. 525]. Але як і ў папярэдні час, шляхта імкнулася перакласці абавязак па ўтрыманню замкаў толькі на дзяржаву [10, с. 525-526, 530].
Што тычыцца ўладанняў феадалаў у гарадах – юрыдык, іх цэнтральная ўлада афіцыйна прызнала пад ціскам шляхецкага саслоўя ў 1563 г., то з іх абавязкі на вайсковыя патрэбы несліся сумесна з астатнімі мяшчанамі [19, с. 37], а ў асобных гарадах, як ў Полацку, насельнікі юрыдык неслі разам з мяшчанамі ўвогуле ўсе падаткі, паборы і павіннасці [20, с. 47].
Цягам ХVІ ст. сістэма ўтрымання замкаў дзейнічала ў ВКЛ ўсё менш эфектыўна. Адной з прычын было тое, што з-за змяншэння зямельнага фонду дзяржавы скарачаўся аб’ём абавязкаў на замкі. Бо, як адзначалася, феадалы часта атрымлівалі вызваленне ад розных павіннасцяў і службаў, акрамя будаўнічых работ. У такіх умовах дзяржава была вымушаная павялічваць выдаткі на ўтрыманне замкаў. Але сродкаў хранічна не хапала, асабліва на будаўніцтва і ўтрыманне новых цвержаў на стратэгічных плацдармах. У такіх умовах новыя замкі маглі ўзводзіцца з прыватнай ініцыятывы заможных феадалаў. Спадзеючыся на ўзнагароды, яны ахвяравалі свае сродкі. У 1518 г. Прапойская і Чачэрская воласі з даходамі былі пажыццёва надазеныя князю Чартарыйскаму, бо ён сваім накладам пабудаваў замак у Прапойску [3, с. 135]. У 1524 г. Прапойск з Прапойскай і Чачэрскай валасцямі гаспадар аддаў князю Фёдару Вішнявецкаму з умовай, што князь таксама за свой кошт узвядзе (відаць, зноў адбудуе пры патрэбе) замак [21, р. 305].
Магнаты з дазволу гаспадара маглі ўзводзіць прыватныя замкі. У прывілеі на заснаванне замка ў паўднёвых межах ВКЛ для Івана Немірыча гаспадар адзначаў: “...таковые замъки на вкраине не есть ку шкоде, але к лепъшому пожитъку нашому...” [8, с. 104].
Калі прыватныя замкі падтрымліваліся ў належнай баяздольнасці, то ўзмацнялі агульную лінію абароны. Іх уладальнікі маглі ў такім выпадку разлічваць на вызваленне сваіх падданых ад агульных замкава-гарадавых абавязкаў, ці на права заснаваць пры замках мястэчкі, ці на іншыя льготы. Так, падданыя князёў Жэслаўскіх з маёнтку Жэслаўскага не неслі замкавай і маставой павіннасцяў на Луцкі замак, бо падтрымлівалі баяздольнасць прыватнага замка ў Жэслаўлі [22, s. 16-17]. А Багавіцін Пятровіч за пабудову замку у Шумбарку атрымаў ад гаспадара дазвол на заснаванне пры ім мястэчка і правядзення там торгу ў дзень, які сам абярэ [21, р. 339].
Ва ўмовах, калі за кароткі перыяд, з канца ХV ст., ўзрасла колькасць маскоўскіх замкаў на паўночна-усходніх межах, а ўрад ВКЛ быў не ў стане адэкватна адказаць на такі выклік, менавіта прыватныя замкі маглі ўзмацніць тут сістэму абароны дзяржавы. Таму гаспадар ахвотна дае прывілеі на будаўніцтва замкаў у Падзьвінні. У 1515 г. такі прывілей атрымаў Іван Сапега. Яму дазвалялася ўзвесці замак на Вяце над Дзьвіною, пры замку асадзіць мястэчка з правам праводзіць торг, і трымаць корчмы, [18, р. 270]. У 1522 г. права на заснаванне замка між Друцкам і Цецерыным на р. Друці атрымаў Васка Грыгарэвіч [21, р. 168]. У 1526 г. дазвол на будоўлю замка і заснаванне мястэчка ў маёнтку Нізголаве атрымаў князь Канстанцін Астрожскі [21, р. 474-475].
Практыкаваўся і падыход, калі фартэцыю ўзводзіла група феадалаў. Так было з Чарнобыльскім замкам. Кіеўскія феадалы, якія яго будавалі, атрымалі права валодаць ім па чарзе і карыстацца даходамі цягам двух год [21, р. 233,435,483]. Праўда, з 1549 г. гаспадар спыніў пачарговае трыманне Чарнобыля з прычыны дрэннага стану яго ўмацаванняў. Феадалы спрабавалі дабіцца ўзнаўлення традыцыі, але безвынікова, бо гаспадар усяляк зацягваў вырашэнне справы [14, с 564, 654, 807, 822-823]. Прычынай, відаць, было тое, што пры такім трыманні часовыя ўладары не праяўлялі належнага клопату па падтрыманню баяздольнасці замку.
Дзяржава была ў праве патрабаваць ад феадалаў належнай баяздольнасці іх уласных замкаў. Таму і яны падвяргаліся рэвізіям. Так, у 1540 г. планавалася правязенне попісу ўзбраення на замках княгіні Беаты Астрожскай [22, s. 268]. У 1541 г. гаспадар паведамляў маршалку Валынскай зямлі, што да яго дайшлі звесткі аб дрэнным стане замкаў нябожчыка князя Іллі Астрожскага: Сцепаня, Роўна, Чуднава, Палонага і Звегля, а таму загадваў аб’ехаць замкі, высветліць іх недахопы і ўказаць мясцовым ураднікам меры па выпраўленню сітуацыі. [22, s. 274].
Прыватныя замкі, безумоўна, узмацнялі абароненасць дзяржавы, асабліва на памежжы. З іншага боку, валоданне уласнымі замкамі давала магнатам мажлівасць няўважліва адносіцца да распараджэнняў мясцовых ураднікаў. Пазней арыстакратыя ўвогуле пачала ігнараваць інтарэсы дзяржавы.
Такім чынам адзначым, што ў ВКЛ абсалютная большаць феадалаў была абавязаная выпраўляць сваіх падданых на будаўнічыя работы да замкаў дзяржавы і вакольнай інфраструктуры вайсковага прызначэння. Вольнымі ад гэтага былі нешматлікія трымальнікі вотчын, а, таксама, некаторыя ўласнікі прыватных замкаў. Шляхецкае саслоў’е неаднаразова імкнулася пазбавіцца такога абавязку, але гаспадары ВКЛ заўсёды пакідалі яго за феадаламі. Акрамя таго, на пазнейшыя зямельныя наданні гаспадары маглі накладаць больш шырокія абавязкі на карысць замкаў дзяржавы.
Не дабіўшыся заканадаўчага вызвалення ад будаўнічых і іншых абавязкаў на замкі дзяржавы, шляхта, карыстаючыся слабасцю цэнтральнай улады, прызвычаілася ігнараваць іх выкананне. Праўда, феадалы паўночна-усходніх зямель ВКЛ больш дысцыплінавана ставіліся да выканання будаўнічых работ на ўмацаваннях.
Паколькі ў гаспадарскім скарбе часта не хапала сродкаў на ўзвядзенне новых і рамонт старых замкаў, улады маглі скарыстоўвацца мажлівасцю заможных феадалаў выдаткоўваць на гэта ўласныя сродкі. Але вынікі такой практыкі былі неадназначнымі, з аднаго боку абарона тэрыторый узмацнялася, а з іншага магнатэрыя мела больш мажлівасцей праяўляць свавольства.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
1. Полоцкая ревизія 1552 года / И. И. Лаппо. – М., 1905. – 237 с.
2. Литовьска Метрика. Книга 561. Ревізії українських замків 1545 року. / В. Кравченко. – Київ, 2005. – 598 с.
3. Белоруссия в эпоху феодализма: в 3 т. / редкол.: А.И. Азаров [и др]. –Минск: Изд-во АН БССР, , 1959-1961. – Т.1: С древнейших времен до середины ХVІІ века / сост. З.Ю. Копысский. – 1559. – 515 с.
4. Акты Литовско-Русского государства. Вып. 1. т. 2. – М., 1897. – ХІІ, 258 с.
5. Довнор-Запольский М. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах. – Т.1. – Киев, 1901. – 807 с.
6. Lietuvos Metrika (1522-1530) 4-oji Teismų bylų knyqa. – Vilnius.: Vilniаus universiteto leidykla, 1997. – 512 p.
7. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т.1 1361-1598. – СПб.: Въ Типографіи Эдуарда Праца.—1863. [6], 301, 15.
8. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага. Кніга 28 (1522-1552). Кніга запісаў 28/Падрыхтоўка тэкстаў да друку і навук. апарат: В Мянжынскі, У. Свяжынскі. – Менск:ATHENAEUM, 2002.—312 с.
9. Любавский М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно. – М., 1915. – 401 с.
10. Литовская Метрика. Отделы первый-второй. Часть третья: Книга Публичных дел. – Т.1. – Юрьев, 1914. – IV, 74 с., 895 стб., [5] л. факсим.
11. Литовская Метрика. Отдел первый. Часть первая: Книга записей. – Т.1 – Юрьев, 1910. – ІХ, 185 с., 872 стб., [5] л. факсим.
12. Lietuvos Metrika. Knyqa № 15 (1528-1538). Użrašymų knyqa 15. – Vilnius.: Lietuvos istorijos inst., 2002. – 446 p.
13. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией. Т.3 1544-1587. – СПб.: Въ Типографіи Эдуарда Праца.—1848. с. VІІІ, 317, 16, 14.
14. Любавский М. Литовско-русский сейм. – М.:Университетская типография, 1900. – 850 с.
15. Аrchiwum ХХ. Sanguszków w Sławucie. – Т. VІ. – Lwow, 1910. – s. 305.
16. Аrchiwum książąt.Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie. – Т. VІІ. – Lwow, 1910. – s. 433.
17. Грушевский А.С. Города Великого княжества Литовского в ХІV-ХVI вв. Старина и борьба за старину. – Киев, 1918 – 240 с.
18. Lietuvos Metrika. Knyqa № 9 (1511-1518). Użrašymų knyqa 9. – Vilnius.: Zara, 2002. – 616 p.
19. Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в ХVІ-первой половине ХVІІ вв. – Мн.: Наука и техника, 1975. – 190 с.
20. Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии (ХVІ-ХVІІ вв.). – Мн.: Наука и техника, 1966. – 225 с.
21. Lietuvos Metrika. Knyqa № 12 (1522-1529). Użrašymų knyqa 12. – Vilnius.: Zara, 2001. – 854 p.
22. Аrchiwum książąt Sanguszków w Sławucie. – Т. ІV. – Lwow, 1890. – s. 647.


Вернуться к началу
 Профиль  
 
Показать сообщения за:  Поле сортировки  
Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 

Часовой пояс: UTC + 3 часа


Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 0


Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения

Найти:
Перейти:  
cron
Powered by Forumenko © 2006–2014
Русская поддержка phpBB