\"Могилевская Хоругвь\"

Форум клуба клуба исторической реконструкции
Текущее время: 28-03, 16:48

Часовой пояс: UTC + 3 часа




Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 
Автор Сообщение
СообщениеДобавлено: 15-04, 21:44 
Не в сети
Аватара пользователя

Зарегистрирован: 10-04, 01:51
Сообщения: 135
Откуда: Могілевъ
Усціновіч Юры.

Утрыманне дзяржаўных замкаў у ВКЛ у другой палове ХVІ ст.

Артыкул надрукаваны ў часопісе “Научные труды”, 2009 г.

Сістэма ўтрымання дзяржаўных умацаванняў у ВКЛ эфектыўна функцыянавала да канца ХV ст. Паступова пачалі нарастаць крызісныя з’явы, а да сярэдзіны ХVІ ст. сістэму спасціг крызіс. У артыкуле разглядаюцца мерапрыемствы ўрада ВКЛ накіраваныя на пераадоленне крызіса. Аналіз матэрыялаў дазваляе прыйсці да высновы, што цэнтральная ўлада не здолела выпрацаваць належных мераў па вырашэнню гэтага пытання да канца ХVІ ст.



Утрыманне ўмацаванняў у ВКЛ грунтавалася на тым , што асноўныя намаганні ўскладваліся на мясцовае насельніцтва. Дзяржава таксама ўдзельнічала ў іх ўтрыманні, аднак яе расходы былі нерэгулярнымі. У розных землях ВКЛ абавязкі насельніцтва на карысць замкаў адрозніваліся, бо залежылі ад асаблівасцяў даўніны.
Заняпад сістэмы ўтрымання замкаў паказалі рэвізіі, праведзеныя ва ўсёй дзяржаве ў 1545 г. [1, с. 44]. З тых рэвізій захаваліся апісанні паўднёвых замкаў. Яны выявілі нізкі стан баяздольнасці фартэцый [2, с. 514-515].
У пэўнай ступені вінаватымі былі намеснікі-дзяржаўцы. Яны занядбалі свае абавязкі і прысвоілі замкавыя даходы. Таксама, яны скрозь пальцы глядзелі, што з уладанняў мясцовых феадалаў спынілася выкананне абавязкаў на умацаванні. Але галоўнай прычынай заняпаду фартэцый сталі злоўжыванні феадалаў, асабліва арыстакратыі [2, с. 515].
Яшчэ адной праявай крызісу стала адбудова ў 1551 г. замка ў Браслаўлі. Ухіленне мясцовай шляхты ад пасылкі сваіх падданых на будаўнічыя работы прыняло масавы характар. Вялікі князь быў вымушаны аддаць вядучым будаўніцтва ўраднікам загад падвяргаць уладанні такіх феадалаў рабаванням, каб атрыманыя сродкі накіраваць на будаўніцтва [3, s. 69–70]. Тым не менш, асноўныя выдаткі леглі на гаспадарскі скарб [4, с. 228-229].
Крызіс сістэмы ўтрыманння замкаў ва ўсім ВКЛ быў выкліканы, па-першае тым, што накапілася шмат змяненняў даўніны, якія прыводзілі да блытаніны ў выкананні абавязкаў на карысць умацаванняў. Па-другое, скарачэннем дзяржаўнага зямельнага фонду, бо памяншаліся паступленні ў скарб і, адпаведна, змяншаліся мажлівасці выдаткоўваць сродкі на замкі. Па-трэцяе, стратай зямель на ўсходніх межах, бо з іх спынялася выкананне замкавых абавязкаў, таму ўзнікала патрэба ў павелічэнні датацый з боку скарбу. Па-чацьвёртае, свавольствамі феадалаў, якія, карыстаючыся слабасцю цэнтральнай улады, спынялі выкананне абавязкаў на карысць замкаў.
Яшчэ на пачатку другой паловы ХVІ ст. урад прадпрымаў меры, каб павялічыць паступленні ў скарб і, адпаведна, палепшыць забеспячэнне замкаў. Прызначэнне самой аграрнай рэформы было ў павелічэнні даходнасці ад гаспадарскіх уладанняў. На землях, дзе яна праводзілася, выкананне рамонтна-будаўнічых работ на замак арганізоўвалася так, што з 3-4 валок абіраўся адзін працаўнік. Ён забяспечваўся ўсім неабходным. За адбыванне павіннасці прадугледжвалася паніжэнне падаткаў. А рамеснікі, што былі пры замках, за нясенне службы надзяляліся адной валокай зямлі. Ураднікам забаранялася выкарыстоўваць замкавых рамеснікаў у сваіх мэтах [1, с 87-88].
Аднастайны падыход да выканання рамонтна-будаўнічай павіннасці, у параўнанні з папярэдняй традыцыяй даўніны, дазваляў пазбегнуць блытаніны. Аднак валочная памера была праведзеная пераважна ў заходніх і цэнтральных землях ВКЛ. Але, сыходзячы з геапалітычнага становішча, менавіта на ўсходніх землях патрабавалася ў першую чаргу паляпшаць баяздольнасць замкаў. Акрамя таго валочная памера не паспела прынесці істотных вынікаў да моманту, калі рэзка ўзраслі выдаткі на Інфлянцкую вайну.
Урад спрабаваў прымяніць новы падыход падчас адбудовы замка ў Тыкоціне ў 1569-1570 гг. Планавалася замест традыцыйнай пасылкі на работы падданых, сабраць з кожнай валокі на патрэбы будоўлі па 8 грошаў. На атрыманыя сродкі ўрад збіраўся наняць рабочых. Аднак ажыццявіць план не атрымалася, бо замак трэба было ўзводзіць найхутчэй, а за кароткі час наняць працоўную сілу было немагчыма [5, p. 60-61].
На працягу другой паловы ХVІ ст. узрасла колькасць злоўжыванняў з боку ўраднікаў у адносінах да абавязкаў па нагляду за станам замкаў і да насельніцтва ўвогуле. Каб супрацьдзейнічаць злоўжыванням, урад прызначыў скарбавых пісцоў назіраць за дзейнасцю ўраднікаў. Скарбавыя пісцы не толькі мусілі сачыць за станам умацаванняў, але кантралявалі, каб на месцах не чынілася бяспраўе насельніцтву [6, с. 264].
У 1566 г. абавязак нагляду за памежнымі ўмацаваннямі быў ускладзены на гетмана [4, с 275; 2, с. 793]. Але на паляпшэнне стану умацаванняў такі падыход не мог паўплываць, бо ён не ліквідаваў недахопаў самой сістэмы ўтрымання замкаў.
Рост колькасці злоўжыванняў ураднікаў прымусіў гаспадара накіраваць у 1567 г. рэвізора Івана Валовіча ў паўднёвыя і некаторыя ўсходнія землі ВКЛ. Яму загадвалася правесці агляд замкаў, зафіксаваць павіннасці, разгледзіць скаргі ад жыхароў. Прадстаўляючы даклад гаспадару, Іван Валовіч адзначаў, што насельніцтву чыняцца крыўды ад намеснікаў-дзяржаўцаў і прызначаных ад іх служэбнікаў. Але разгляд справаў аб парушэннях немажлівы. Самі ўраднікі ўдзельнічалі у паспалітым рушэнні, а прызначаныя ад іх служэбнікі прыкрываліся неправамоцнасцю і адмаўляліся чыніць справядлівасць. Да таго ж высветлілася, што насельніцтву робяцца перашкоды ў падачы скаргаў на адміністрацыю. Гаспадар быў вымушаны зноў накіраваць Івана Валовіча, а ўраднікам настойліва ўказвалася прымусіць сваіх служэбнікаў чыніць спаравядлівасць гаспадарскім падданым і не забараняць ім падаваць скаргі рэвізору [6, с. 264].
Каб палепшыць забяспечанасць харчаваннем паўднёвых замкаў, урад надаваў права мяшчанам бязмытнага правозу жыўнасці да сваіх гарадоў [7, с. 35, 65, 209-210]. Але цэнтральная ўлада не здолела супрацьдзейнічаць з’яўленню незаконных мытняў устаноўленых асобнымі феадаламі [6, с. 412-413]. Насуперак гаспадарскім прывілеям на такіх мытнях з мяшчан прымусова спаганяліся падаткі. Гарадскі гандаль у выніку прыходзіў у заняпад, а гэта пагаршала забяспечанасць замкаў узбраеннем, бо ў некаторых гарадах артылерыя гарнізонаў утрымлівалася за кошт даходаў з гандлю [8, с. 76; 9, с.199-200].
Увогуле, можна казаць, што рэвізіі замкаў, фіксацыя абавязкаў, чыненне гаспадарскімі рэвізорамі справядлівасці насельніцтву не маглі ўжо палепшыць сітуацыю з утрыманнем замкаў. Яшчэ больш узмацняла праблему Інфлянцкая вайна. Спусташэнням падвергліся значныя тэрыторыі, а ўрад з-за хранічнага недахопу сродкаў не мог пакрыць скарачэнне павіннасцяў і службаў на карысць замкаў ад насельніцтва. Таму гаспадар, звяртаючыся ў 1571 г. да паноў-рада, указваў, што трэба вырашыць, якія замкі ў Полацкай зямлі пакінуць. Астатнія неабходна знішчыць, бо ўтрымліваць усе існуючыя замкі скарб быў не ў стане [10, р. 157].
Урад імкнуўся засноўваць пры замках мястэчкі. Калі мястэчкі станавіліся шматлюднымі, на іх жыхароў можна было перакласці большыя абавязкі па ўтрыманню замкаў.
У 1555 г. кіеўскі ваявода ўзвёў замак у Белай Царкве. Каб заахвоціць прыток пасяленцаў, гаспадар вызваляў на 10 год жыхароў новага мястэчка ад розных выплат і работ на карысць замка [11, с. 52-53]. Таксама, з ўзвядзеннем ўмацаванняў у Суражы пры ім асаджвалася мястэчка [12, р. 155]. На зацікаўленасць ўрада ў існаванні пры памежных замках мястэчак гаворыць тое, што нязначныя, у параўнанні з Віцебскам, Сураж і Ула набываюць права на самакіраванне па віцебскаму ўзору. Сураж у 1570 г. [1, с. 155-157], а Ула ў 1577 г. [13, с. 208-210].
Адну з прычын надання ў 1580 г. Полацку льготы на 8 год ад выканання падаткаў, плачэння мытных збораў і вызвалення на вечнасць ад штогадовай выплаты гаспадару 200 коп грошаў [1, с. 256, 258] таксама трэба бачыць у імкненні ўрада найхутчэй аднавіць колькасць мяшчан. А ў прывілеі Азярышчу, які вызваляў на 8 год ад розных выплат і падаткаў, у тым ліку і ад павіннасцяў на замак, прама ўказваецца, што ўрад зацікаўлены “абы при томъ замку нашомъ местечко забудовати и осадити се могло” [1, с. 277].
Падыход, калі цяжар па падтрыманню баяздольнасці замка практычна цалкам ускладваўся на насельніцтва мястэчак, лепш за ўсё бачны на прыкладзе Дзісны. Мяшчане Дзісны мусілі не толькі ўдзельнічаць у будаўніцтве астрога і вежаў, але і кантраляваць гэты працэс абраўшы з свайго асяродку прыставаў. Акрамя высілкаў і выдаткаў на будаўніцтва ўмацаванняў, нагляду за аховай іх ад агню, нясення варты на вежах, удзелу у палявой варце дзісенскія мяшчане мусілі набываць для сябе ахоўную і наступальную зброю. Да ўсяго гэтага яны набывалі агняпальную зброю і порах для гарнізона замку. Таксама, падчас варожай аблогі мяшчане павінны былі пад уладай старасты прымаць ўдзел у абароне Дзісны [12, р. 227-228; 13, с. 166-167].
Пасля страты Полацка для ўрада было вельмі важным заснаванне новага моцнага замка ў Дзісне. Таму ўлада імкнулася зацікавіць жыхароў пасяляцца ў новым мястэчку, бо вялікі аб’ём абавязкаў на карысць замка магла выконваць толькі дастатковая колькасць мяшчан. Жыхары Дзісны, таксама, павінны былі валодаць вялікімі сродкамі каб забяспечыць зброяй і боепрыпасамі сябе і гарнізон. Таму гаспадар даў ім у 1566 г. вольнасць ад плацяжэй капшчыны тэрмінам на 8 год. Акрамя таго яны на такі ж тэрмін вызваляліся ад старых і новых гандлёвых падаткаў у межах ВКЛ [14, c. 106-108;15, с. 274-275].
Але нават такія значныя льготы не маглі цалкам пакрыць выдаткі мяшчан на ўтрыманне замка. Выконваючы абавязкі на яго карысць мяшчане абцяжарыліся шматлікімі пазыкамі. Гаспадар, маючы на ўвазе важнасць справы арганізацыі належнай баяздольнасці Дзісны і ўважаючы на тое, што яе жыхары добрасумленна выконвалі ўсе патрабаванні, надаў ім часовае вызваленне ад прэтэнзій крэдытораў па ўсёй дзяржаве. Трэба адзначыць, што жыхары Дзісны і самі былі рашуча настроеныя да належнай арганізацыі абароны. Менавіта ад іх сыходзіла ў 1569 г. ініцыятыва, каб пасля выйсця тэрміну вольнасці ад неплачэння падаткаў яны паступалі не да скарбу, а ішлі на забеспячэння ўмацаваняў Дзісны зброяй. Гаспадар з такой просьбай пагадзіўся [13, с. 168].
Каб узмацніць баяздольнасць памежных замкаў, урад пачаў патрабаваць ад жыхароў мястэчак і гарадоў трымаць у сваіх дамах зброю. Устава мяшчанам Магілёва ад 1561 г. прадпісвала мець у дамах “стрелбу всякую, то есть, гаковницы, ручницы и сагойдаки и иншую оборону, то есть, рогатины и што иного къ той обороне належитъ”. Бяднейшай часцы мяшчан дазвалялася мець адну ручніцу і рагаціну. Пражываць увогуле без зброі забараняла [1, с. 112]. Такая ж забарона пражываць без зброі ўскладалася і на мяшчан Воршы [13, с. 252].
Аднак узор Дзісны з ускладаннем практычна ўсяго цяжару па ўтрыманню ўмацаванняў на мяшчан, прымяняўся не паўсюль. Урад не мог прымяніць падобны падыход да адваяванага ў 1579 г. Полацка, бо колькасць яго жыхароў была непараўнальна меншай з перыядам да 1563 г. На жыхароў памежнага Азярышча ўрад таксама не мог ускласці такі цяжар абавязкаў на карысць замка, калі жадаў, каб у небяспечным ад варожых нападаў месцы хутчэй узрасла колькасць жыхароў. Таму, наадварот, мяшчанам Полацка, Воршы і Азярышчу надаюцца розныя льготы. Так, мяшчане Азярышча вызваляліся на 8 год і ад замкавых павіннасцяў. У вы ніку ўрад браў на сябе ўвесь цяжар па ўтрыманню замка. Таксама, мяшчане Воршы ў 1582 г. вызваляліся ад розных работ на карысць замка [1, с. 256, 258, 274, 277].
Падсумоўваючы адзначым, што на працягу другой паловы ХVІ ст. урад так і не здолеў прымяніць аднастайны падыход у адбыванні замкавых абавязкаў. Нізкай была эфектыўнасць мераў па супрацьдзеянню злоўжыванням феадалаў і мясцовых ураднікаў. Пры адсутнасці сродкаў у скарбе урад імкнуўся перакласці розныя выдаткі на мяшчан. Таму праяўлялася зацікаўлінасць у заснаванні пры памежных замках мястэчак. Але такі падыход улады не маглі прымяніць да ўсіх гарадоў і мястэчак. Увогуле, можна канстатаваць, што пытанне пошуку сродкаў на падтрыманне баяздольнасці ўмацаванняў дзяржавы так і не было канчаткова вырашаным да канца ХVІ ст.
Спіс выкарыстанай літаратуры і крыніц
1. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : в 5 т. – СПб. : Тип. Э. Праца, 1846–1853. – Т. 3. – 1848. – VІІІ, 317, 16, 14 с.
2. Любавский, М.К. Литовско-русский сейм. Опыт по истории учреждения в связи с внутренним строем и внешнею жизнью государства / М.К. Любавский. – М. : Имп. о-во истории и древностей рос. при Моск. ун-те, 1900. – 850, 232, LXXII с.
3. Аrchiwum książąt Lubartowiczów Sanguszków w Sławucie : w 7 t. – Lwow : Nakl. R. Sanguszka, 1887–1910. – Т. 7. – 1910. – 435 s.
4. Любавский, М.К. Очерк истории Литовско-Русского государства до Люблинской унии включительно : с прил. текста хартии, выд. Великому Княжеству Литовскому и его обл. / М.К. Любавский. – 2-е изд. – М. : Моск. худож. печатня, 1915. – 401 с.
5. Lietuvos Metrika = Литовская метрика / Lietuvos istorijos institutas. – Vilnius : Zara, 2004. – Kn. 52 : Użrašymų knyga (1569-1570) / parenge: A. Baliuli, R. Firkovicius. – 224 p.
6. Довнар-Запольский, М.В. Государственное хозяйство Великого княжества Литовского при Ягеллонах / М.В. Довнар-Запольский. – Киев : Тип. Имп. ун-та Акционер. о-ва печ. и изд. дела Т.Н. Корчак-Новицкого, 1901. – 807, СХХІІ с.
7. Акты, относящиеся к истории Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией: в 5 т. – СПб. : Тип. ІІ отд-ния собствен. Е. И. В. Канцелярии, 1846–1853. – Т. 2. – 1848. – ІІІ, 405, 15, 14 с.
8. Ткачев, М.А. Замки Белоруссии / М.А. Ткачев – Минск : Полымя, 1987. – 222 с. : ил.
9. Акты Литовско-Русского государства. – М. : Т-во тип. Мамонтова, 1897. – Т. 2. – [ХІІ, 258] с.
10. Lietuvos Metrika = Литовская метрика / Lietuvos istorijos institutas. – Vilnius : Zara, 2001. – Kn. 10 : Viešujų reikalų knyga (1569–1571) / parenge:А. Anužyte, А. Baliulis. – 155 p.
11. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага = Metryka Vialikaga Kniastva Litouskaga / НАН Беларусі, Ін-т гісторыі ; рэдкал.: Г.Я. Галенчанка [і інш.]. – Мінск : Беларус. навука, 2003. – Кн. 43 : Кніга запісаў (1523–1560) : копія канца. XVI ст. / падрыхт. В.С. Мянжынскі. – 167 с.
12. Lietuvos Metrika = Литовская метрика / Lietuvos istorijos institutas. – Vilnius : Zara, 2000. – Kn. 51 : Użrašymų knyga (1566–1574) / parenge : А. Baliulis, R. Ragauskiene, A. Ragauskas. – 485 p.
13. Акты, относящиеся к истории Южной и Западной России, собранные и изданные Археографической комиссией : в 15 т. – СПб. : Тип. Э. Праца, 18631–892. – Т. 1 / ред. Н.И. Костомаров, Г.Ф. Карпов. – 1863. – 301, 15 с.
14. Метрыка Вялікага Княства Літоўскага / Дзярж. кам. па арх. і справаводству Рэсп. Беларусь, Нац. гіст. арх. Беларусі. – Мінск : Арты-Фэкс, 2001. – Кн. 44 : Кніга запісаў (1559–1566) / падрыхт. А.І. Груша. – 199 с. : іл.
15. Белоруссия в эпоху феодализма : сб. док. и материалов : в 3 т. / редкол.: А.И. Азаров [и др]. – Минск : Изд-во Акад. наук БССР, 1959–1961. – Т. 1 : С древнейших времен до середины ХVІІ века / сост.: З.Ю. Копысский, М.Ф. Залога. – 1959. – 516 с.


Вернуться к началу
 Профиль  
 
Показать сообщения за:  Поле сортировки  
Начать новую тему Ответить на тему  [ 1 сообщение ] 

Часовой пояс: UTC + 3 часа


Кто сейчас на конференции

Сейчас этот форум просматривают: нет зарегистрированных пользователей и гости: 0


Вы не можете начинать темы
Вы не можете отвечать на сообщения
Вы не можете редактировать свои сообщения
Вы не можете удалять свои сообщения

Найти:
Перейти:  
cron
Powered by Forumenko © 2006–2014
Русская поддержка phpBB